Амерыканскі баксёр, былы абсалютны чэмпіён свету па боксе 58-гадовы Майк Тайсан прайграў 27-гадоваму блогеру Джэйку Полу ў афіцыйным паядынку. Баксёрскі паядынак, які адбыўся ў амерыканскім Арлінгтане, скончыўся перамогай Пола аднагалосным рашэннем суддзяў, паведамляе ESPN.

Адзін суддзя аддаў перавагу Полу з лікам 80:72, а два іншыя — 79:73.
Гэтая перамога стала для амерыканскага блогера адзінаццатай у прафесійнай кар’еры. Таксама на яго рахунку адна параза.
За гэты бой Джэйк Пол мусіць атрымаць 40 мільёнаў даляраў, а Майк Тайсан — 20.
Нагадаем, Майк Тайсан вядомы як адзін з самых скандальных баксёраў сучаснасці. Падчас бою ў 1997 годзе ён адкусіў частку вуха Эвандэру Холіфілду, за што быў на нейкі час пазбаўлены баксёрскай ліцэнзіі. У 1992 годзе яго прызналі вінаватым у згвалтаванні і асудзілі на турэмнае зняволенне, а ў 1999-м ён трапіў за краты яшчэ раз: за агрэсіўныя паводзіны на дарозе.