Магілёўская актывістка Вольга Цішкевіч, якая жыла ў Вільнюсе (Літва) і прэтэндавала на месца ў Каардынацыйнай радзе, вярнулася ў Беларусь і дала інтэрв'ю прапагандысту Ігару Туру. Фрагмент іх гутаркі апублікаваў дзяржтэлеканал АНТ.

Як гаворыцца ў анонсе, «дасведчаная актывістка» Вольга Цішкевіч «некалькі тыдняў таму» згубілася ў Літве, а «знайшлася ў Беларусі».
«Падрыхтуйцеся, імёнаў і прозвішчаў прагучыць шмат», — напісалі прапагандысты.
Нагадаем, магіляўчанка Вольга Цішкевіч — экс-сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» (не зарэгістраваная), старшыня якой — палітвязень Мікалай Статкевіч. Яна выехала з Беларусі ў чэрвені 2022-га, пісала «Наша Ніва».
Сяброўства Цішкевіч у структуры было прыпыненае пасля таго, як Альянс расследавальнікаў Беларусі знайшоў у злітай базе КДБ падпісаны яе імем і прозвішчам данос на блогера Эдуарда Пальчыса ад 2018 года. «Народная грамада» звярнулася ў Каардынацыйную раду з просьбай выключыць Цішкевіч з выбарчага спісу. Раней з партыі і са спісу кандыдатаў у КР выключылі Паўла Бялюціна, якога таксама знайшлі ў базе даносаў.
Сама Цішкевіч напісанне даносу адмаўляла. Расследавальнікам яна заявіла, што «не пісала нічога на Эдуарда Пальчыса», а яе камп’ютар «быў у суседа, які „ябацька“».