Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра блізкія прэзідэнцкія выбары і даў парады патэнцыйным кандыдатам. На ягоную думку, падчас выбарчай кампаніі «трэба быць вельмі акуратным», а проста «расказваць і гаварыць» недастаткова, цытуе палітыка яго прэс-служба.

Падчас дакладу пра эфектыўнасць працы АПК 29 кастрычніка Лукашэнка зноў загаварыў пра прэзідэнцкія выбары. У прыватнасці, ён заявіў, што падчас выбарчай кампаніі перад уладамі стаіць задача «скакаць вышэй», маючы на ўвазе паляпшэнне якасці айчыннай сельгаспрадукцыі.
Таксама Лукашэнка паразважаў пра магчымых прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. Як вынікае з ягоных словаў, ужо цяпер ахвотных балатавацца дастаткова.
— У нас тут аб’явілася шмат палітыкаў, якія заяўляюць: «Ёсць Лукашэнка — палітык, ну і там яшчэ нехта». Памыляюцца! — запэўніў палітык.
Ён параіў патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты, як весці перадвыбарчую кампанію:
— Сітуацыя сёння ў краіне такая, што проста расказваць і гаварыць… Ужо не тое што губернатары — народ не прыме. Людзям трэба дастаць і пакласці. Гэта правільна. Таму, ідучы ў прэзідэнцкую кампанію (я ж вас прадстаўляю, улада), мы павінныя народу сказаць [што канкрэтна будзе зроблена], — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго, важна таксама тое, што будзе за плячыма ў таго ці іншага кандыдата:
— Сітуацыя памянялася, і калі хтосьці са старым багажом сюды на выбары спрабуе выйсці, трэба быць вельмі акуратным. Я, можа быць, і не павінны гэта казаць. Але тым не менш усе, хто сёння хоча, а такіх ужо нямала, — гэта ж людзі, якія пры нас, нават не пры мне, выраслі. Таму вось ім парада: што ты зробіш і наколькі глыбока ты разумееш гэтыя праблемы, — заявіў Лукашэнка.
Палітык тут жа расказаў, якія «канкрэтныя абяцанні» даваў беларусам ён сам — у прыватнасці, наконт будаўніцтва і эксплуатацыі дарог:
— Калі дарогі — дзе і як. Ад раённых цэнтраў да аграгарадкоў. Мы шмат чаго зрабілі. Там зусім невялікія працы [засталіся]. Але і, міма праходзячы, да аграгарадкоў мы павінныя задзейнічаць і буйныя вёскі, якія калісьці былі цэнтрамі гаспадарак. Не забываць пра іх, — дадаў ён.
Лукашэнка таксама запатрабаваў пабудаваць сучасныя малочнатаварныя комплексы ва ўсіх абласцях Беларусі, не толькі ў Мінскай, падкрэсліўшы, што гэта дапаможа яму набраць галасы на выбарах.
— Жарт не жарт, калі мы ім не дапаможам, дык яны галасаваць за нас не будуць. Яны праваляць выбары. Таму трэба хаця б па адным комплексе паабяцаць ім, што мы пабудуем, — заявіў палітык.
Нагадаем, прэзідэнцкія выбары прызначаныя ў Беларусі на 26 студзеня 2025 года. Раней намер вылучыць сваю кандыдатуру агучыў кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч, але дакументаў у ЦВК пакуль не падаваў.
26 кастрычніка ЦВК прыняў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.
Акрамя таго, у тэлеграм-канале Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, якую ўлады ліквідавалі ў 2023 годзе, з’явілася інфармацыя пра магчымы ўдзел у выбарчай кампаніі Ганны Канапацкай. Адзначалася, што былая дэпутатка і кандыдатка ў прэзідэнты на выбарах 2020 года хоча сабраць ініцыятыўную групу.
Што да прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, старшыня руху «За Свабоду» і эксперт па рэгіянальным развіцці Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юрась Губарэвіч таксамадаслаў у ЦВК заяву пра рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты.
Іншых прозвішчаў з «немалой» колькасці ахвотных балатавацца Лукашэнка падчас дакладу 29 кастрычніка не назваў.
Дакументы пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты неабходна падаць не пазней за 1 лістапада.
Для вылучэння кандыдатам трэба сабраць не менш за 100 000 подпісаў. Улады традыцыйна выкарыстоўваюць для гэтага адміністрацыйны рэсурс.
Збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты пачнецца 7 лістапада.
Чытайце таксама


