У TikTok з’явілася відэа канфлікту на фестывалі «Славянскі базар у Віцебску». Усё адбывалася ля крамы Свята-Елісавецінскага манастыра побач з Васкрасенскай царквой у цэнтры горада. Тут размясціліся палаткі рамеснікаў. Мяркуючы з кадраў, манашкі былі незадаволеныя выступам барабаншчыкаў з гурта Bara Band Show. Адна з іх нават дала аплявуху музыку. Каб зразумець, чаму манашка так сябе паводзіла, журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў манастыр як жыхарка Віцебска. Там званку не здзівіліся.
Паводле словаў дзяжурнай сястры манастыра, іх манашкі пастаянна ўдзельнічаюць у праваслаўнай выставе «Славянкі», і гэты год не стаў выключэннем. Тое, што манашкі бралі ўдзел у канфлікце, суразмоўніца не адмаўляла. Пры гэтым удакладніла, што сітуацыя абурыла не толькі іх сясцёр, але і іншых, у тым ліку віцебскіх:
— Яны (гаворка пра музыкаў. — Заўв. рэд.) зладзілі скокі і шум на прыступках храма. А так нельга. Мы іх неаднаразова прасілі, каб яны пакінулі тэрыторыю і выступалі ў іншым месцы. На што была атрыманая адмова. Сабраўся натоўп, і магла адбыцца такая трагедыя, як на Нямізе, некіравальны паток на гэтай вулачцы.
На нашае ўдакладненне, што храм знаходзіцца пасярод вуліцы і яго тэрыторыя не абгароджаная, суразмоўніца адзначыла: «Гэта не значыць, што на прыступках храма можна танчыць». І дадала: «Няважна, абгароджаны ён ці не, гэта святое месца».
Паводле яе, музыка ёсць розная, але барабанаў і танцаў на прыступках сабора быць не мусіць.
— Калі людзям гэта нармальна, то гэта дзіўна, — адзначыла дзяжурная сястра манастыра. — На прыступках храма нельга танчыць — гэта зневажае пачуцці вернікаў. Калі гэта камусьці цікава і каштоўна. Чамусьці ніхто не спытаў, не абурыўся і не дапамог. Не аказаў ніякай дапамогі. Калі ў вас памёр чалавек, вы яго хаваеце, а да вас прыйшлі на барабанах стукаць. Гэта нармальна? Яшчэ і натоўпам збіраліся.

— Было не пахаванне, а свята.
— Ну гэта ж храм. Храм — гэта святое месца. Для вас ёсць нешта святое ў жыцці? Смерць роднага чалавека для вас была б святая.
— Рэч не ў гэтым, заўсёды можна размаўляць.
— Усяму сваё месца, ёсць танцавальныя пляцоўкі і ёсць храм. Ніхто ж не супраць, нічога.
— Я вас разумею, але мяне здзівіла, што манашка ўдарыла чалавека. Аплявуху дала.
— Проста ён не сыходзіў, а ніхто (з людзей, што стаялі побач. — Заўв. рэд.) не аказаў дапамогі. А яна прасіла, шмат разоў прасіла. І людзей, якія стаялі побач [прасіла дапамагчы]. Але чамусьці ўсе [былі] вельмі абыякавыя да гэтага. Гэта вельмі дзіўна. Гэта абыякавасць.
— Але калі яна яго ўдарыла, ён стаяў не на прыступках.
— А людзі, якіх яны сабралі, танчылі дзе? На прыступках.
— Дык, а навошта біць чалавека?
— Калі чалавек нахабна сябе паводзіць, а што рабіць?.. Гэта была вымушаная мера. Не таму, што камусьці захацелася, а таму, што ўсе астатнія стаялі і ім было ўсё адно, — падкрэсліла суразмоўніца, адзначыўшы, што «людзі пралівалі кроў за веру».
Яна дадала, што для выступлення музыкаў існуе маса пляцовак.
— Адыдзіце на метр-два ад храма і рабіце што хочаце, але не на прыступках храма, — сказала яна, падкрэсліўшы, што ў іх ёсць відэа, на якім ёсць музыкі на прыступках сабора. На пытанне, ці будуць яны выкладваць яго ў свае сацсеткі, суразмоўніца адказала, што не ведае. Як і тое, ці будуць прадстаўнікі манастыра нешта казаць з нагоды гэтай сітуацыі арганізатарам, каб такіх накладак у афішы фестывалю больш не было.
На момант публікацыі матэрыялу ў сацсетках Bara Band Show не было пастоў, у якіх музыкі неяк каментавалі б сітуацыю. Наколькі нам вядома ад чытачоў, барабаншчыкі не хацелі пагаршаць канфлікт. Пасля інцыдэнту яны працягнулі выступ у іншым месцы. З імі пайшлі і слухачы.
Чытайце таксама