«Выдаліце гэтыя паведамленні». Беларуска паскардзілася, што яе нумар і дадзеныя сына рассылалі ў фэйкавых аб'явах пра тэракты ў школах
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Нядаўна ў сеціве пачалі масава распаўсюджвацца паведамленні пра планаваныя тэракты ў магілёўскіх школах. У МУС гэта назвалі «чарговым фэйкам». Тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў» пагаварыў з жанчынай, якая расказала, што зламыснікі выкарыстоўвалі ў рассылцы дадзеныя яе самой і яе сына, хоць яны ні ўва што не замяшаныя.

Белоруска, которой, по ее словам, принадлежит использовавшийяся злоумышленниками номер. Скриншот видео «Беларусь 4 Могилев»
Беларуска, якой, паводле яе словаў, належыць выкарыстаны зламыснікамі нумар. Скрыншот відэа «Беларусь 4 Магілёў»

Нагадаем, у адным з тэлеграм-каналаў з’явілася паведамленне, што ў сямі школах Магілёва рыхтуюцца тэракты. Аўтар паста з пагрозамі выклаў фатаграфіі зброі, аднак гэта, як высветлілі аператыўнікі, усяго толькі скрын з расійскага сайта продажаў.

Акрамя таго, у паведамленні, якое перасылалі адно аднаму занепакоеныя беларусы, зламыснік падаў «для сувязі» нібыта ўласны нумар тэлефона і імя. Таксама ён заявіў, што ў яго быў суўдзельнік, які скончыў жыццё самагубствам напярэдадні «тэракту».

Як высветлілася, пакінуты ў пасце нумар тэлефона належыць чалавеку, які ні пра што не падазраваў і стаў ахвярай сватынгу.

Сватынг (ад ангельскай абрэвіятуры SWAT) — тактыка вымагальніцтва, якая заключаецца ва ўвядзенні міліцыі ў зман так, каб па пэўным адрасе выехала штурмавая група. Гэта робіцца з дапамогай фальшывых паведамленняў пра сур’ёзныя правапарушэнні, такіх як закладванне бомбы, забойства, захоп закладнікаў ці іншыя падобныя інцыдэнты.

Тэлеканал пагаварыў з жанчынай, якая прадставілася Аленай Цяленчанка. Яна расказала, што зламыснікі падалі ў пасце з пагрозамі яе нумар тэлефона і дадзеныя яе сына. Паводле яе словаў, ні яна сама, ні яе сын не знаходзяцца ні ў якіх групах і не маюць дачынення да рассылкі такіх паведамленняў.

— Тыя, хто напісаў гэтае паведамленне і падаў асабістыя звесткі майго сына ў тэлеграм-канале, — выдаліце гэтыя паведамленні і не прыносьце нязручнасцяў. Навошта наогул такое пісаць, заклікаць дзяцей незразумела да чаго? — абурылася жанчына.

Нагадаем, у снежні пачалі з’яўляцца паведамленні пра планаваныя тэракты ў салігорскіх школах. Аператыўнікі праверылі інфармацыю і высветлілі асобу падлетка, ад імені якога публікаваліся пасты. Ім аказаўся 15-гадовы школьнік з Мінска, які ад супрацоўнікаў міліцыі «даведаўся пра нібыта падрыхтаваныя сцэнары з ужываннем зброі». Пазней стала вядома, што ён стаў ахвярай сватынгу, але і сам займаўся рассыланнем ілжывых паведамленняў пра небяспеку.