Дачка Гайдукевіча расказала пра «падпал» іх дома і абвергла словы бацькі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Алег Гайдукевіч працягвае з’яўляцца са сваёй дачкой у эфірах дзяржаўных каналаў. На чарговым прапагандысцкім шоу з вядоўцам Рыгорам Азаранкам яны ўспомнілі пра «падпал» іх дома. Выпадкова ці наўмысна, але Лізавета Гайдукевіч абвергла словы свайго бацькі, а таксама расказала пра тое, як ад яе адвярнуліся многія аднакласнікі праз пазіцыю таты-дэпутата.

Елизавета Гайдукевич. Скриншот телеканала СТВ
Лізавета Гайдукевіч. Скрыншот тэлеканала СТБ

Паводле Алега Гайдукевіча, у 2020 годзе яго дачка ведала, што ён «займаецца палітыкай», але што гэта такое, яна зразумела ў 2021 годзе — пасля «падпалу» іх дома.

«Вы зараз сказалі пра 2020 год. Мая дачка ведала, бацька займаецца палітыкай, яна слухала. Але ў яе адбылося нейкае асэнсаванне ў той дзень, калі наш дом паспрабавалі падпаліць. Калі яна мне патэлефанавала і сказала: „Тата, я нешта баюся ў гэтым доме спаць“, — гэта я дакладна памятаю», — расказаў Гайдукевіч.

Азаронак папрасіў Лізавету Гайдукевіч успомніць пра тыя падзеі, але дзяўчына не змагла нічога расказаць па сутнасці.

«У той дзень я начавала ў іншым доме (яе бацька заяўляў, што ў момант „падпалу“ ў доме спалі яго дзеці. — Заўв. рэд.), раніцай я вярталася дадому. Я зайшла, убачыла там гар, я падумала, што нармальна ўсё. Я зайшла дадому, спакойна пасядзела. А потым падумала, што неяк гэта ненармальна. Я пайшла аглядаць і ўбачыла гэтыя бутэлькі. Падумала, можа, хтосьці проста прыкалоўся і вырашыў закінуць бутэлькі туды. Я, калі шчыра, наогул не зразумела, што адбылося. Але мне пасля таго, як выявілася, што гэта сапраўды быў замах, было вельмі страшна. Я памятаю, у нядзелю бацькі проста не дазвалялі выходзіць у горад, сустракацца з сябрамі — мала што», — паведаміла дачка дэпутата.

Паводле дзяўчыны, дзейнасць яе бацькі адбілася і на яе адносінах з аднакласнікамі ў той час.

«Нават у адносінах з маімі аднакласнікамі гэта тады адыгрывала нейкую ролю, бо многія актыўна падтрымлівалі апазіцыю. А мой тата падтрымліваў прэзідэнта, таму ад мяне многія адварочваліся і стараліся не размаўляць. Пры мне палітычныя тэмы ў школе наогул не падымалі», — прызналася Лізавета Гайдукевіч.

Нагадаем, Алег Гайдукевіч пачаў з’яўляцца ў эфіры дзяржтэлеканалаў са сваёй дачкой. Мінулым разам, напрыклад, сямейны падрад крытыкаваў дыялогавыя пляцоўкі.

«Падпал дома» Гайдукевіча

Пра тое, што ў яго дом кінулі бутэлькі з запальнай сумессю, дэпутат Алег Гайдукевіч паведаміў у сацсетках 11 ліпеня 2021 года. Паводле яго, з трох кінутых бутэлек загарэлася адна. Ніхто з сям'і не пацярпеў, «толькі ў ката абгарэў нос».

13 ліпеня Камітэт дзяржаўнай бяспекі заявіў пра завядзенне крымінальнай справы «па прыкметах злачынства, прадугледжанага артыкулам 289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Акт тэрарызму)».

КДБ распачаў крымінальную справу па артыкуле 289 пра акт тэрарызму. У падрыхтоўцы і спробе падпалу дома дэпутата абвінавацілі сям’ю з Барысава: 54-гадовага галаву сям'і Віталя Вайцяховіча, яго 47-гадовую жонку Вольгу, іх 26-гадовага сына Уладзіслава і 23-гадовую нявестку Анастасію. Іх назвалі выканаўцамі, якія працавалі на «замежных заказчыкаў за добрыя грошы».

З сюжэту, паказанага на дзяржТБ, высветлілася, што за сям’ёй сачылі і праслухоўвалі даўно. КДБ гэта не хаваў: «Вялася аператыўная гульня», а следства спрабавала высветліць «іншых датычных асоб». Спецслужбы загадзя не паведамілі сям'і палітыка гэтай інфармацыі «з меркаванняў канспірацыі». Аднак яны прынялі «вычарпальны пералік мер, скіраваных на недапушчэнне знішчэння маёмасці Гайдукевіча, нанясення шкоды яго жыццю і здароўю».

Усяго затрымалі больш за 20 чалавек. Пазней іх колькасць некалькі разоў змянялася. У выніку абвінавачанымі па справе праходзілі 18 чалавек. Усіх іх прызналі вінаватымі іасудзілі на розныя тэрміны — ад 2 да 25 гадоў калоніі. Траіх з іх судзілі завочна, бо яны знаходзяцца за мяжой.

«Уначы яны кінулі бутэлькі з запальнай сумессю ў дом, дзе спалі мае дзеці… Прысуд справядлівы, аб’ектыўны. Людзі, якія ваююць з дзецьмі і потым расказваюць, што гэта была барацьба за дэмакратыю і свабоду, — гэта мярзотнікі і нягоднікі. Як і ўсе тэрарысты, яны дзейнічалі за грошы», — заявіў дэпутат пасля вынясення прысуду.

Але і як адзначалі ў КДБ, і як прызналася Лізавета Гайдукевіч, у той момант дзяцей у доме не было.