Восенню 2024 года імя Ірыны Пазнякевіч з’явілася ў базе вышуку ў Расіі. Пасля яе судзілі і выслалі ў Беларусь, піша «Наша Ніва».

Ірыне Пазнякевіч (Шульзе) 26 гадоў. Яна родам з Баранавічаў, таксама жыла ў Івацэвічах. Паводле звестак з сацсетак, дзяўчына працавала ў розных сферах — напрыклад, была санітаркай. А станам на 2019 год у яе было маленькае дзіця.
У кастрычніку 2020 года Ірына знаходзілася ў ізалятары ў Жодзіне: дзяўчыну затрымалі нібыта за ўдзел у пратэстах. Невядома, ці ўдзельнічала яна тады ў чым-небудзь насамрэч або стала адной з выпадкова затрыманых.
У лютым 2021 года яна перабралася ў Расію. Тэрмін яе легалізацыі скончыўся 14 студзеня 2024 года, але яна не выехала з Масквы на радзіму, а засталася там.
У кастрычніку 2024 года Ірыну судзілі ў Мікулінскім раённым судзе Масквы. Ёй прызначылі 5000 расійскіх рублёў штрафу (каля 50 даляраў) і дэпартацыю з Расіі.
Паводле звестак Dissidentby, з 20 снежня 2024 года Ірына Пазнякевіч знаходзіцца ў мінскім СІЗА. Са спісаў судоў стала вядома, у чым яе абвінавачваюць — «у грубым парушэнні грамадскага парадку» паводле ч.1 арт. 342 КК. Ірыне пагражае да трох гадоў калоніі.
Працэс пачынаецца 3 сакавіка 2025 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска.