Новым міністрам абароны Літвы стаў Лаўрынас Кашчунас — чалавек, які пастаянна прапануе новыя абмежаванні для беларусаў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 25 сакавіка прызначыў новым міністрам нацыянальнай абароны Лаўрынаса Кашчунаса. Адпаведная заява з’явілася на сайце канцылярыі літоўскага прэзідэнта.

Лауринас Кащюнас. Фото: Delfi
Лаўрынас Кашчунас. Фота: Delfi

Кашчунас да прызначэння кіраўніком Мінабароны Літвы займаў пасаду кіраўніка Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне ў Сейме.

На гэтай пасадзе ён быў вядомы крытычнымі выказваннямі што да беларусаў, якія прыязджаюць у краіну і ўжо жывуць у Літве. Так, ён заяўляў, што сярод беларускай дыяспары заўважаныя «праявы літвінізму», і крытыкаваў ахвотнікаў «прысвойваць сабе гісторыю Літвы».

Палітык таксама паслядоўна выступае за ўзмацненне жорсткасці абмежаванняў у дачыненні да грамадзян Беларусі — у розны час ён прапаноўваў забараніць мець зброю беларусам і расіянам у Літве, перастаць прымаць ад іх заявы на атрыманне літоўскага грамадзянства, падтрымліваў закрыццё пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.

Кашчунас таксама выступае за часовае спыненне выдачы ВНЖ грамадзянам Беларусі і лічыць, што трэба ануляваць гуманітарныя візы, калі беларусы па іх ездзяць з Літвы ў Беларусь і назад.

Сярод яго апошніх ініцыятываў — пазбаўляць відаў на жыхарства ў Літве грамадзян Беларусі (і Расіі), калі яны рэгулярна, часцей за раз на месяц цягам года, вяртаюцца ў свае краіны. Акрамя гэтага, Кашчунас збіраецца зарэгістраваць прапанову забараніць балатавацца і галасаваць на муніцыпальных выбарах грамадзянам Беларусі і Расіі з пастаянным відам на жыхарства ў Літве.